ДЫЯТЭ́З ГЕМАРАГІ́ЧНЫ,
прыроджаныя ці набытыя хваробы крыві, асн. прыкмета якіх павышаныя крывацёк і кровазліццё. Развіццё Д.г. звязваюць з паталогіяй кампанентаў згусання крыві (плазмавых і тромбацытарных), узмацненнем фібрынолізу, наяўнасцю антыкаагулянтаў ў крыві, павышэннем пранікальнасці сасудаў ці анамаліяй іх сценак. Прыкметы: кровазліццё пад скуру, у суставы, мышачныя гематомы, крывацёкі (страўнікава-кішачныя, нырачныя, са слізістых абалонак і інш.), крывацёк з пупочнай ранкі пры нараджэнні дзіцяці, калі прарэзваюцца ці мяняюцца зубы, схільнасць да інфекц. хвароб.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)